Тэма добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі сёння актуальная для кожнага населенага пункта і кожнага жыхара раёна. Асабліва гэта актуальна сёлета - наперадзе абласныя «Дажынкі», 520-годдзе Шаркаўшчыны.
Актыўнымі тэмпамі вядзецца добраўпарадкаванне завулкаў Фрунзэ, Паўліка Марозава, Дзісненскі. Там вяліся працы па грэйдзіраванні, які праводзілі работнікі ДРБУ-131. На «Амкадоры» працаваў Мікалай Шарак, на грузавым аўтамабілі «МАЗ» - Сяргей Шаблоўскі, на «Грэйдэры» выраўноўваў дарогу Анатоль Лук'янёнак, прафіляваў яе на «Катцы» Юры Ляскоўскі.
У скверы на плошчы 1 Мая, а таксама па вуліцы 17 Верасня работнікі УКП ЖКГ сумесна з супрацоўнікам Шаркаўшчынскага РАНС Іванам Зайцавым падрэзалі і выдалялі аварыйныя і інвазіўныя (шкоднасныя) дрэвы.
Па вуліцы Вакзальнай ад адміністрацыйнага будынка УКП ЖКГ пачаты ямачны рамонт. Таксама камунальнікі прачышчаюць каналы па вуліцы Краснадворскай.
– Чысціня і парадак у гарадах, аграгарадках і вёсках ужо даўно сталі своеасаблівай візітнай карткай Беларусі, - адзначыў дырэктар УКП ЖКГ Аляксей Клакоўскі. - Жыхары гарпасёлка таксама імкнуцца жыць у прыгожай і чыстай Шаркаўшчыне. У асноўным пытанні навядзення парадку вырашаюцца за кошт бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца райвыканкамам. Хочацца, каб і самі шаркаўчане таксама актыўна ўключыліся ў работу па навядзенні парадку, акультурылі свае домаўладаннi, тэрыторыю каля прыватных падворкаў. Работы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы заўсёды дастаткова. Акрамя гэтага, выдаляем аварыйныя дрэвы і драўняна-хмызняковую расліннасць, зносім старыя дамы, падтрымліваем парадак у месцах размяшчэння помнікаў і воінскіх пахаванняў і многае іншае.
Алена АНАНІЧ http://www.klich.by/?p=120191