Улада павінна чуць людзей і старацца дапамагаць кожнаму. Такой думкі прытрымліваецца памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, які правёў у Шаркаўшчыне «прамую тэлефонную лінію». Патэлефанавала жыхарка райцэнтра, якая з'яўляецца маці шасцярых дзяцей, і пацікавілася, чаму ёй было адмоўлена ва ўручэнні ордэна Маці. Ігар Вячаслававіч даў даручэнне адпаведным службам разабрацца ў сітуацыі.
Па заканчэнні «прамой тэлефоннай лініі» ў малой зале райвыканкама, адбыўся выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. На прыём прыйшоў жыхар Шаркаўшчыны, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а ў свой час працаваў на розных пасадах у сферы сельскай гаспадаркі. Мужчына папрасіў аказаць дапамогу ў выдзяленні сельгаспрадпрыемствам тэхнікі. Ігар Брыло адказаў, што сёлета Віцебшчына атрымае 100 камбайнаў. З іх два ўжо прыбылі і працавалі на ўборачнай у Шаркаўшчынскім раёне. У бліжэйшы час паступяць яшчэ тры камбайны. Памочнік Прэзідэнта паабяцаў узяць сітуацыю з выдзяленнем сельскагаспадарчай тэхнікі на асабісты кантроль.
Аляксандр Барыла.