Старшыня Палаты прадстаўнікоў,
упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка наведаў з рабочым візітам Шаркаўшчынскі раён
Старшыня
Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай
вобласці Ігар Сергяенка ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Беларусі
Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіў рабочую паездку і азнаёміўся з ходам жніва ў
Віцебскай вобласці.
Шаркаўшчынскія
аграрыі сустрэлі Ігара Сергяенку на палетках КУВСП імя Маркава. Чатыры
зернеўборачныя камбайны абмалочвалі 40-гектарнае поле з азімай пшаніцай у
аддзяленні «Рассвет». Ігар Сергяенка пацікавіўся станам тэхнікі, магчымымі яе
паломкамі, месцаразмяшчэннем камбайнаў у начны час, харчаваннем механізатараў.
Ва ўрочышчы
Будаўскі паварот уборку азімай пшаніцы вялі аграрыі ААТ «Жвіранка». У полі
працавалі сем камбайнаў, за кожным з якіх для адвозу зерня замацавана
транспартная адзінка. На 70-гектарным палетку сёлета вырасла выдатная пшаніца.
Зерневая культура тут дала звыш 35 цэнтнераў на круг.
Старшыня
Палаты прадстаўнікоў уласна ўпэўніўся, што затрымак ва ўборцы зерневых у
гаспадарцы няма, усе службы працуюць зладжана і эфектыўна. Кіраўніцтва,
спецыялісты сярэдняга звяна, механізатары сумленна адносяцца да сваёй работы,
ад якой залежыць харчовая бяспека краіны.
Дарэчы, на
жніўным палетку працаваў адзін з вопытных механізатараў Сяргей Курэц на
камбайне «Палессе» КЗС-10, які эксплуатуецца ўжо 18 год. Ігар Сергяенка
скарыстаў магчымасць і разам з камбайнерам праехаў у кабіне. Ён падкрэсліў, што
айчынная тэхніка ва ўмелых механізатарскіх руках ні ў чым не саступае замежнай,
а нават і пераўзыходзіць яе.
Па стане на 24
ліпеня ў гаспадарках Шаркаўшчынскага раёна зерневыя і зернебабовыя культуры
ўбраны на плошчы 3315 гектараў, што складае 25 працэнтаў ад запланаванага.
Намалочана 6113 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 18,4 цэнтнера з гектара.
Надвор’е спрыяе мясцовым аграрыям, тэмпы ўборачнай кампаніі з кожным днём
павялічваюцца.
Сяргей РАЙЧОНАК