Штогод у жнівеньскія дні звыклае жыццё невялікай вёскі Алашкі ў Шаркаўшчынскім раёне мяняецца. У гэтым годзе 19 жніўня ў Сікораўскім яблыневым садзе прайшоў абласны фестываль аматарскіх аб'яднанняў «Яблычны фэст», прысвечаны Году міру і стварэння.
Арганізатары пастараліся правесці яго па новым сцэнары: асноўныя ўрачыстасці адбываліся ў цені старога гібрыднага саду, пасаджанага садоўнікам-аматарам, заслужаным аграномам БССР Іванам Паўлавічам Сікора. У напамін пра гэта тут жа ўсталяваны і помнік яблыку - турыстычнаму брэнду Шаркаўшчынскага краю.
На тэрыторыі сада адбылася выстава работ майстроў раённага Цэнтра культуры. Шаркаўшчынскія ўмельцы правялі майстар-класы па прыгатаваннi бліноў з яблыкамі і саломапляценню. Работнікі музея падрыхтавалі свае майстар-класы па доглядзе дрэў, а таксама экскурсіі па музеі для ўсіх жадаючых. У садзе прайшлі конкурс гульнявых праграм аматарскіх аб'яднанняў і клубаў па інтарэсах, выстава-прэзентацыя страў і пачастункаў ад калектываў Віцебскай вобласці, а таксама конкурс садовых скульптур і прэзентацыя вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія ўпрыгожаць дом, дзе жыў садоўнік-селекцыянер Іван Сікора.
Госці маглі атрымаць асалоду ад каларыту свята, пабываўшы на тэатралізаваных гульнявых пляцоўках «Мядовая», «Арэхавая», Яблычная», гасціным двары «Гаспадыні яблыні».