На тэрыторыі Германавіцкага сельсавета адбыўся выязны семінар, на якім разгледжаны пытанні жыццядзейнасці ўсіх катэгорый насельніцтва і навядзення парадку на зямлі.
Удзельнікі семінара наведалі вытворчыя аб’екты сельгаспрадпрыемстваў «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс», «Княж» і «Ельня-Агра». У механічных майстэрнях, на зернесушылках, малочнатаварных фермах і на прылеглых да іх тэрыторыях чысціня і парадак. Тое ж можна сказаць і пра прыватнае прадпрыемства «СтройГрадЭкспо» у аг.Германавічы.
Вялікая ўвага надаецца сацыяльнай сферы — установам культуры, адукацыі, аховы здароўя. У Велікасельскім сельскім клубе, Германавіцкім Цэнтры культуры і народных традыцый праходзіла падрыхтоўка да святаў вёсак, рэпетыцыю праводзілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Медыцынскія паслугі на тэрыторыі сельсавета насельніцтву аказваюць Германавіцкая ўрачэбная амбулаторыя, Велікасельскі, Зоркаўскі, Ручайскі і Сталіцкі фельчарска-акушэрскія пункты. Ва ўстановах аховы здароўя працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія не толькі аказваюць якасную медыцынскую дапамогу, але і сочаць за парадкам у сваіх установах. У гэтым цалкам упэўніліся ўдзельнікі семінару.
На тэрыторыі сельсавета ёсць зона адпачынку на беразе возера Валозева ў вёсцы Буды. Тут размешчаны пляж, маюцца абсталяваныя альтанкі. За чысцінёй і парадкам сочаць прадстаўнікі камунальнай службы, падкос тэрыторыі ажыццяўляе ААТ «Ельня-Агра».
Значная работа праводзіцца сярод насельніцтва ў справе навядзення парадку на зямлі. Як расказала старшыня сельсавета Мая Якімовіч, дзякуючы старэйшынам вёсак, жыхарам, работнікам арганізацый вытворчай і сацыяльнай сфер агульнымі намаганнямі ствараецца прыгажосць і ўтульнасць у населеных пунктах: выдаляецца хмызняк, рамантуецца і фарбуецца агароджа, устанаўліваюцца малыя архітэктурныя формы, зносяцца безгаспадарчыя пабудовы.
У мінулым годзе вялікая работа па добраўпарадкаванні была праведзена ў ходзе падрыхтоўкі аграгарадка Германавічы перад раённымі «Дажынкамі».