Беларусь і Пензенская вобласць Расіі за апошнія тры гады ўдвая павялічылі тавараабарот. Аб гэтым паведаміў журналістам віцэ-губернатар Пензенскай вобласці Сяргей Фядотаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Брэсце прайшло трэцяе пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Пензенскай вобласці Расіі. "За апошнія тры гады тавараабарот паміж Рэспублікай Беларусь і Пензенскай вобласцю вырас у два разы. Вынік у абсалютных лічбах не зусім здавальняючы, але ёсць куды імкнуцца, дынаміка пазітыўная. Перш за ўсё эканоміка, далейшыя кааперацыйныя сувязі, імпартазамяшчэнне - у гэтых напрамках будзем працаваць", - акцэнтаваў увагу Сяргей Фядотаў.
У Брэст у складзе расійскай дэлегацыі прыехалі прадстаўнікі дзелавых колаў Пензенскай вобласці. Яны ўдзельнічаюць у кантактна-кааперацыйнай біржы, арганізаванай у Брэсцкім аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. "Прыехалі з напрацоўкамі прадстаўнікі каля 20 прадпрыемстваў з розных сфер. Гэта і перапрацоўчая прамысловасць, і гандаль, і лёгкая прамысловасць, і высокатэхналагічныя вытворчасці. Думаю, што мы пасля заканчэння двух дзён работы ў Брэсце атрымаем канкрэтныя вынікі работы", - адзначыў віцэ-губернатар Пензенскай вобласці.
Таксама дэлегацыя Пензенскай вобласці наведае шэраг прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці для абмеркавання сумесных праектаў. "З многімі прадпрыемствамі мы ўжо знаёмы. Цяпер наперадзе канкрэтная плённая работа", - падкрэсліў Сяргей Фядотаў.
Беларусь і Пензенская вобласць супрацоўнічаюць і ў гуманітарнай сферы. Пры гэтым больш цеснае ўзаемадзеянне бакі нацэлены наладзіць у сферах культуры і маладзёжнай палітыкі.