Адрас райвыканкама: 211921, г.п.Шаркаўшчына, вул.Камсамольская, 15
Тэлефон прыёмнай: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

Больш за 16 працэнтаў інвестыцый у Беларусі ідзе ў сельскую гаспадарку

15.11.2024

На гэты момант у сельскую гаспадарку накіроўваецца звыш 16 працэнтаў інвестыцый ад агульнага аб'ёму інвестыцый у асноўны капітал, і галіна, безумоўна, дае аддачу. Такую заяву ў час прэс-канферэнцыі, прысвечанай харчовай бяспецы Беларусі і эфектыўнасці дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў АПК, зрабіла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святлана Кандраценка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Харчовая бяспека для Беларусі заўсёды была і застаецца адным з важнейшых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і аграрнай палітыкі. Ва ўмовах зменлівай глабальнай эканомікі, калі доступ да прадуктаў харчавання і аграрных тэхналогій для многіх краін вызначае іх незалежнасць, Беларусь прытрымліваецца ўзважанай і збалансаванай стратэгіі. Мы нарошчваем патэнцыял уласнага аграпрамысловага комплексу, імкнёмся забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт, развіваем новыя галіны", - падкрэсліла эксперт.

Сельская гаспадарка сёння фарміруе больш за 7 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту краіны і амаль 7 працэнтаў рабочых месцаў для айчыннай эканомікі. У 2024 годзе забяспечана выражаная дадатная дынаміка сельскагаспадарчай вытворчасці. "Гэта выдатны вынік", - робіць акцэнт Святлана Кандраценка. Для параўнання: у нашай краіне на аднаго жыхара ў год атрымліваецца 908 кг малака, а ў сярэднім па Еўразійскім эканамічным саюзе - 275 кг. Жывёлы і птушкі ў Беларусі рэалізуецца на забой 139 кг, а ў сярэднім па пяцёрцы еўразійскіх партнёраў - 78 кг.

Як падкрэсліла намеснік дырэктара па навуковай рабоце, Беларусь традыцыйна ўваходзіць у топ экспарцёраў малочных прадуктаў, топ экспарцёраў мяса і мясапрадуктаў. Беларускія прадукты харчавання штогод пастаўляюцца ў больш як 100 дзяржаў.

"Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў, што Беларусь не толькі гарантуе поўнае задавальненне патрэбнасці ўласнага насельніцтва ў прадуктах харчавання высокай якасці, але і гатова ўносіць важкі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі ва ўсім свеце, і сёння наша краіна ўжо стала надзейным партнёрам у вырашэнні задач харчовай бяспекі для Еўразійскага эканамічнага саюза, СНД, ШАС і далёкага Афрыканскага рэгіёна", - канстатавала супрацоўнік Інстытута сістэмных даследаванняў АПК.

Паводле слоў Святланы Кандраценкі, за мяжой запатрабаваны не толькі якасныя айчынныя харчовыя тавары, але і беларускія комплексныя вытворчыя рашэнні для жывёлагадоўлі, сельскагаспадарчая тэхніка, тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны, інфраструктурныя рашэнні для сельскай мясцовасці - наша ноу-хау - аграгарадкі. Новыя магчымасці адкрывае кааперацыя ў навуковай і вытворчай сферах.

"Экспартуючы прадукцыю, уласныя ўнікальныя тэхналогіі, кампетэнцыі, веды ў галіне аграпрамысловай вытворчасці, Беларусь папулярызуе нацыянальны харчовы брэнд", - рэзюмавала намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук.

БелТА