У Беларусі з 5 студзеня 2025 года зменіцца парадак фарміравання крэдытных гісторый і атрымання крэдытных справаздач. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай праўлення Нацыянальнага банка ад 2 кастрычніка 2024 года нумар 310, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
Пастанова нумар 310 прынята ў мэтах выканання палажэнняў закона ад 1 красавіка 2024 года нумар 362-З "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб крэдытных гісторыях" і прадугледжвае шэраг новаўвядзенняў і ўдакладненняў дзеючага парадку. У прыватнасці, у пералік крыніц фарміравання крэдытных гісторый дабаўлены юрыдычныя асобы, якія рэалізуюць тавары, работы, паслугі на ўмовах адтэрміноўкі або растэрміноўкі аплаты, а таксама спецыяльныя фінансавыя арганізацыі, якія набылі правы патрабаванні па крэдытных здзелках пры сек'юрытызацыі. Пры гэтым пры фарміраванні крэдытных гісторый змогуць улічвацца звесткі аб заключаемых дагаворах, што змяшчаюць умову аб адтэрміноўцы або растэрміноўцы аплаты тавараў (работ, паслуг).
Таксама пры прадастаўленні ў Крэдытны рэгістр звестак па крэдытных дагаворах, у тым ліку якія змяшчаюць умовы авердрафтнага крэдытавання, дадаткова будзе ўказвацца інфармацыя аб наяўнасці ў дагаворы ўмовы аб прадастаўленні крэдыту на рэфінансаванне. Усенесены змяненні ў парадак адлюстравання ў крэдытнай гісторыі звестак аб патрабаваннях банка да даўжніка, якія былі яму ўступлены крэдыторам па дагаворы скрытага факторынгу. Цяпер запазычанасць па гэтых патрабаваннях будзе адлюстроўвацца ў крэдытнай гісторыі даўжніка, а не ў крэдытнай гісторыі крэдытора.
Пастановай нумар 310 вызначаны пералік магчымых мэт для атрымання крэдытных справаздач карыстальнікамі крэдытнай гісторыі (банкамі, мікрафінансавымі і лізінгавымі арганізацыямі, аператарамі сотавай сувязі, гандлёвымі прадпрыемствамі і інш.), а таксама тэрмін дзеяння згоды на прадастаўленне крэдытнай справаздачы ў залежнасці ад мэты.
У прынятым дакуменце таксама вызначаны парадак адклікання суб'ектам крэдытнай гісторыі (фізічнай або юрыдычнай асобай, даныя аб якой захоўваюцца ў Крэдытным рэгістры) згоды на прадастаўленне крэдытнай справаздачы.
Для фізічных асоб рэгламентаваны парадак устанаўлення і зняцця забароны на прадастаўленне карыстальнікам крэдытнай гісторыі іх крэдытных справаздач. Пры гэтым для карыстальнікаў прадугледжана магчымасць праверкі наяўнасці такой забароны. Праверку можна будзе правесці бясплатна і без згоды суб'екта крэдытнай гісторыі.
Пастановай нумар 310 прадугледжана дадатковае прадастаўленне звестак аб запытах іншых карыстальнікаў, якія атрымалі апавяшчэнне аб адсутнасці крэдытнай гісторыі ў суб'екта. Гэта мера накіравана на процідзеянне махлярству, пры якім у выніку "псіхалагічнага націску" на фізічную асобу на працягу непрацяглага часу афармляюцца крэдыты ў некалькіх банках.
Таксама вызначаны парадак атрымання крэдытнай справаздачы спадчыннікам суб'екта крэдытнай гісторыі.
Акрамя таго, у адпаведнасці з законам павялічана колькасць крэдытных справаздач, якія прадастаўляюцца суб'екту крэдытнай гісторыі без выплаты ўзнагароды. Так, бясплатна ў Нацыянальным банку можна будзе атрымць да дзвюх крэдытных справаздач на працягу каляндарнага года, але не больш за адзін раз на папяровым носьбіце.
"Унесеныя змяненні будуць садзейнічаць атрыманню больш поўнай і дакладнай інфармацыі, якая характарызуе своечасовасць выканання пазычальнікамі сваіх абавязацельстваў, дадуць магчымасць ажыццяўляць больш якасную ацэнку крэдытнай рызыкі, а таксама павысяць узровень абароненасці суб'ектаў крэдытных гісторый ад махлярскіх дзеянняў", - адзначылі ў Нацбанку.