Раён утвораны 15 студзеня 1940 года. У 1962 годзе быў скасаваны, адноўлены ў 1966 зноў.
Тэрыторыя раёна размешчана ў заходняй частцы Віцебскай вобласці, мяжуе з Браслаўскім, Міёрскім, Пастаўскім, Глыбоцкім раёнамі.
Раённы цэнтр – гарадскі пасёлак Шаркаўшчына, размешчаны ў 210 км ад горада Віцебска і ў 195 км ад горада Мінска. Плошча раёна 1,1 тыс. кв. км. Працягласць з захаду на ўсход – 60 км, з поўначы на поўдзень – 30 км. У раёне 6 сельсаветаў, 272 населеных пунктаў.
Карысныя выкапні: гліна, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Дзіўна прыгожы Шаркаўшчынскі край. Прырода шчодра адарыла яго багатымі лясамі, якія займаюць 19 адсоткаў тэрыторыі.
На тэрыторыі раёна размешчана 11 азёр агульнай плошчай 470,5 га і 4 штучных сажалкі агульнай плошчай 35 га, з захаду на ўсход працякае рака Дзісна з прытокамі Мнюта, Бярозаўка, Янка.
На тэрыторыі раёна размешчаны Гідралагічны заказнік "Ельня". У раёне маецца 4 старадаўніх парку 18-19 арт. і 36 заказнікаў абласнога і мясцовага значэння плошчай 6800 га. ўзята пад ахову 3 віды птушак (скапа, дзербнік, бусел чорны), занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Славіцца наша зямля помнікамі архітэктуры. Гэта царква іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць” (1912 г.) у цэнтры г.п.Шаркаўшчына і Свята-Успенская царква на беразе р. Дзісна, касцёл Перамянення Пана (1787 г.) у аг.Германавічы. У КУПСПХ “Гарадзец” – архітэктурны ансамбль канца 18 – пачатку 19 стагоддзя, які ўключае касцёл Святога Міхаіла Арханёла і царкву Раства Прасвятой Багародзіцы ў аг.Лужкі, капліцу і помнік-сядзібу ў в.Гарадзец.