Першае паселішча людзей у нашым краі, згодна з дадзенымі археалагічных раскопак і даследаванняў, як датуюць навукоўцы, з’явілася ў 10-12 ст. ст. (Гарадзец).
У 16 -18 ст. ст. у нашым краі адзначаецца рост і бурнае развіццё паселішчаў гарадскога тыпу. Талент нашых продкаў ўпэўнена пракладае сабе дарогу. У гэтых паселішчах канцэнтравалася рамяство і гандаль. Развіваліся ганчарная, гарбарная, кавальская, сталярная, швейная, шавецкая справы.
З 1795 г. па 1843 г. тэрыторыя нашага раёна ўваходзіла ў склад Мінскай губерні, з 1843г. – Віленскай губерні. У падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе прымалі ўдзел нашы землякі: А. М. Буйко, і. В. Лагун, С. С. Грыдзюшка.
Пасля аб’яднання Беларусі ў верасні 1939 года ў нашым краі зацвердзілася Савецкая ўлада. Шаркаўшчынскі раён быў створаны 15 студзеня 1940 года з цэнтрам у Шаркаўшчыне. У яго ўвайшлі 14 сельсаветаў. У Шаркаўшчыне быў створаны гарпасялковы Савет.
26 чэрвеня 1941 года Шаркаўшчынскі раён быў акупаваны нямецкім і войскамі.
На тэрыторыі раёна было заснавана некалькі паліцэйскіх гарнізонаў. Агульная колькасць узброеных фашыстаў складала больш за 1500 чалавек. Акрамя гэтага, у раёне знаходзілася і літоўская частка. У Шаркаўшчыне, Іёдах з першых дзён акупацыі стаялі шыбеніцы для застрашвання насельніцтва, моладзь пачалі вывозіць у Нямеччыну на прымусовыя працы.
Фашысцкія каты за гады акупацыі замучылі, расстралялі і павесілі 2027 мірных грамадзян. У Германію было сагнана 1484 чалавекі. Спалена і знішчана 709 жылых дамоў, 1130 гаспадарчых памяшканняў, знішчана і вывезена ў Германію 1276 сельгасмашын, 2655 коней, больш за 20 тысяч галоў іншых парод жывёлы. Выведзена з ладу чыгунка, хлебапякарня, 3 цагляных заводы, 4 млыны, фанерны, лесапільны заводы, знішчаны школы, клубы, бібліятэкі. Фашысты расстралялі і жыўцом спалілі жыхароў вёсак Кушталі, Свілы, Трабаўшчына, Строна, Журавоўшчына, Куялеўшчына, Бялкова і інш.
Разрабавана і знішчана маёмасць сялянскіх і першых калгасных гаспадарак. Каля 400 воінаў-землякоў не вярнуліся з палёў бітваў. Той, хто памірае за свой народ – заўсёды святы.
На Шаркаўшчыне, як і ва ўсёй Беларусі, з першых дзён акупацыі разгарнулася актыўная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На тэрыторыі раёна ад Шаркаўшчыны да Паставаў дзейнічала Полаўская падпольная Камсамольская арганізацыя “За Радзіму”, партызанскія атрады “Спартак”, “за Радзіму”, “Кастрычнік”, 16 падпольных арганізацый і 20 антыфашысцкіх груп. З ліпеня 1941г. па 1 ліпеня 1944 г. працягвалася вайна на Шаркаўшчынскай зямлі.
Вызвалены раён воінамі 1-га Прыбалтыйскага фронту часцямі 44-й мотастралковай брыгады пад камандаваннем Аляксандра Іванавіча Халаева. У баях за вызваленне нашага раёна загінулі 156 воінаў Чырвонай Арміі.
Коштам вялікай працы Шаркаўшчынскі край у параўнальна кароткія тэрміны залячыў ваенныя раны, непазнавальна змянілася яго аблічча. Быў узноўлены эканамічны патэнцыял. Толькі людзі, якія горача і аддана любяць сваю зямлю, здольныя на такі гераізм. Сёння асноўным у рабоце эканомікі раёна з’яўляюцца вытворчасць і перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі.