Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  

Літаратурная гадзіна “Шляхамі пакут”

22.04.2015

У Буеўшчынскім Доме народнай творчасці прайшла літаратурная гадзіна пад назвай “Шляхамі пакут”. Супрацоўнікі Дома народнай творчасці і вучні Іёдскай сярэдняй школы-дзіцячага сада падрыхтавалі для жыхароў Буеўшчыны мерапрыемства, прысвечанае землякам, якія змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах, былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Сярод прысутных гледачоў былі жыхары спаленых нямецка-фашысцкімі карнікамі вёсак Іёдскага сельсавета. Гэта муж з жонкай Міхаіл Андрэевіч і Надзея Якаўлеўна Лонскія, Вера Пятроўна Курэц, Іпаліт Іпалітавіч Касцюкевіч. Па стану здароўя, на жаль, не змагла прысутнічаць Матрона Калінаўна Сямёнава — вязень фашысцкіх канцлагераў. Разам са сваёй сям’ёй завітаў Мікалай Лысёнак, бацька якога, Міхаіл Васільевіч, быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Вялікую зацікаўленасць выклікаў прагляд дакументальнай кінастужкі “Дзеці спаленых вёсак”. Сюжэт фільма апавядае пра лёсы людзей, якія выжылі падчас карных аперацый нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць мірнага насельніцтва ў 1941—1944 гадах на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. Усе з хваляваннем слухалі, як чыталі вершы на тэму вайны школьнікі Саша Сінкевіч, Арцём Зуеў і Лена Лаўрыновіч. Шмат гістарычных фактаў пра буйныя канцэнтрацыйныя лагеры перыяду Другой Сусветнай вайны прысутныя даведаліся ад вядучых мерапрыемства. Напрыканцы літаратурнай гадзіны ўсе яе ўдзельнікі частаваліся салодкай гарбатай і абмяркоўвалі сюжэт кінастужкі “Дзеці спаленых вёсак”. 

Сяргей РАЙЧОНАК.