Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

455 -годдзе Германавіч

18.09.2018

Весела, урачыста і з размахам 455-годдзе родных Германавіч і 130-годдзе з дня нараджэння мастака, этнографа і пісьменніка Язэпа Драздовіча жыхары сучаснага аграгарадка адзначылі ў мінулую суботу. І сапраўды Германавічам належыць адметны след у гісторыі нашага шаркаўшчынскага краю. У кожным куточку там адчуваецца яе непаўторны подых. Чаго толькі варты знакаміты помнік архітэктуры 18 стагоддзя — касцёл Перамянення Пана, збудаваны Ігнатам Шырыным у 1787 годзе ў стылі “віленскае барока”. Гэты ж магнат пабудаваў там і палац мураваны з цэглы, які атачаў парк. Менавіта ў Германавічах, на зямлі, багатай гісторыка-культурнымі помнікамі, а таксама актыўнымі, таленавітымі, неабыякавымі і вельмі гасціннымі людзьмі быў адчынены ўнікальны музей культуры і быту, які ў 2016 годзе быў перайменаваны ва ўстанову культуры “Мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Н. Драздовіча”.

Асноўная ўрачыстасць у дзень юбілею праходзіла ў цэнтры аграгарадка, дзе размяшчаецца крытая канцэртная сцэна. На яе падмостках пасля прывітальных слоў вядучых разгарнулася сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне — экскурс у далёкія гістарычныя часы. Дзеці, падлеткі і дарослыя — мясцовыя самадзейныя артысты ў вобразах знакамітых гістарычных асоб — адлюстравалі асноўныя этапы развіцця свайго мястэчка: ад моманту яго першага ўпамінання ў 1563 годзе і да сённяшніх дзён.

Цёпла і сардэчна ўсіх прысутных на свяце прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. За шматгадовую добрасумленную працу і актыўны ўдзел у жыцці свайго аграгарадка Падзякі старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч уручыў ветэрану працы, былой настаўніцы і намесніку дырэктара Германавіцкай СШ Іне Сямёнаўне Пучынскай, а таксама ветэрану працы, былому работніку сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Княж” Францу Ігнацьевічу Цярэшку.

Падчас урачыстасці на сцэну былі запрошаны аднавяскоўцы, якія сваёй працай множылі і памнажаюць славу не толькі роднай зямлі, але і ўсяго раёна. Жыхары Германавіч шчыра віталі Алега Георгіевіча Райчонка (былога старшыню калгаса “Буравеснік”, узнагароджанага Ордэнам працоўнага Чырвонага Сцяга), Эдуарда Станіслававіча Рубніковіча (былога механізатара калгаса “Буравеснік”, узнагароджанага Ордэнам Леніна, Ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга), Данату Іванаўну Шэнда (у мінулым — даярку сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Германавічы”, узнагароджаную Ордэнам Працоўнай Славы 3 ступені), а таксама лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” ў розныя гады. Сярод жыхароў аграгарадка Германавічы іх таксама нямала.

Музычныя падарункі і гучныя апладысменты вяскоўцаў у гэты дзень гучалі ў гонар усіх старэйшых жыхароў Германавіч і цудоўных сямей, якія гадуюць трох і больш дзяцей.

А самай малодшай жыхаркай на сённяшні дзень з’яўляецца маленькая Ева — дачка Аляксандра і Таццяны Хаданёнкаў.

На сцэну таксама былі запрошаны сем’і, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілеі сумеснага жыцця.

З адметнай датай у жыцці Германавіч сваіх землякоў шчыра павіншавалі ураджэнец гэтай вёскі, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане Васілій Савіч Протас і заснавальніца некалькіх музеяў на тэрыторыі Германавіч, былая настаўніца школы Ада Эльеўна Райчонак, якая з’яўлялася непаўналетнім вязнем фашысцкага канцэнтрацыйнага лагеру перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Гасціннасць і шчодрасць германавіцкай зямлі, яе самабытнасць і вернасць традыцыям прадэманстравалі арганізатары выставы кулінарных вырабаў “Чым хата багата”.

А завяршылася ўрачыстае мерапрыемства ў аграгарадку канцэртам калектыву “Талака” Віцебскай дзяржаўнай філармоніі, а ўвечары — дыскатэкай і феерверкам.

Музыка і песні ў цэнтры даволі вялікага для нашага раёна населенага пункта гучалі да самага позняга вечара. Творчыя калектывы і салісты змянялі адзін аднаго на сцэне, але колькасць гледачоў не змяншалася. Увесь дзень было шматлюдна і ў гандлёвых радах з сувенірнай прадукцыяй і дзіцячымі цацкамі. Дарэчы, самым маленькім жыхарам аграгарадка асабліва прыйшліся па душы шматлікія атракцыёны і дзіцячыя забавы.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.