Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Пасяўная ў ААТ “Жвіранка”

11.09.2018

Умовы надвор’я дазваляюць аграрыям весці шэраг палявых работ. Тэхніка ў гаспадарках раёна задзейнічана на ворыве, падрыхтоўцы глебы, сяўбе азімых культур, уборцы кукурузы і іншых працэсах. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, у адкрытым акцыянерным таварыстве “Жвіранка” хлебаробы таксама не сядзяць без справы. Узарана 798 гектараў глебы. Па стане на 10 верасня пасеяна 468 гектараў азімых зерневых. Тэмпы не вельмі высокія, што выклікана адсутнасцю спраўных пасяўных агрэгатаў, гаручазмазачных матэрыялаў. 6 верасня за аграгарадком Більдзюгі на 11-гектарным полі сеяў азімую пшаніцу механізатар Дзмітрый Крышталевіч на МТЗ-3022 у счэпе з агрэгатам АПП-6А. І, дарэчы, гэта адзіны пасяўны агрэгат на ўсё сельгаспрадпрыемства, які быў у спраўным стане на той дзень. Калі механізатар спыніўся пад чарговую запраўку зернем, мы распыталі ў яго пра нялёгкую працу хлебароба.

— У сельскай гаспадарцы я працую ўжо больш за трыццаць год, — кажа Дзмітрый. — Кожныя вясну і восень сею рапс, зерневыя. І справа гэта мне падабаецца, бо праца хлебароба спакон вякоў лічылася высакароднай. На жаль, усё часцей падводзіць тэхніка. Трактару ўжо дзесяць год, свой рэсурс выпрацаваў і пасяўны агрэгат, але, тым не менш, стараюся падтрымліваць у спраўным стане.

Пакуль мы гутарылі, механізатар Уладзімір Ананіч заправіў пасяўны агрэгат і Дзмітрый рушыў на поле. За чарговы светлавы і пагодны дзень трэба засеяць не менш дваццаці гектараў пшаніцы.

У вялікай ступені паспяховая праца хлебароба залежыць і ад таго, як ён будзе накормлены. З гэтым ніякіх праблем у “Жвіранцы” няма. У гаспадарцы і цяпер акрамя абеду работнікі сталовай рыхтуюць яшчэ і падвячорак. Повары Марына Жойдзь і Вольга Кубліцкая дружна і хутка завіхаліся каля вялікіх каструль на газавых плітах, калі мы трапілі да іх у сталовую.

— Чым смачным частуеце сёння сваіх работнікаў? — спыталі мы ў жанчын, пачуўшы прыемны водар яшчэ пры ўваходзе ў сталовую.

— На падвячорак варым гарохавы суп, рыхтуем пюрэ, шніцэль і салодкую гарбату, — адказалі повары. — Нягледзячы, што на абед і падвячорак трэба прыгатаваць прыкладна 60 порцый, гэта работа нам па душы. Стараемся сваімі стравамі задаволіць густ кожнага, хто ў нас харчуецца. Мяркуем, што ў нас гэта атрымліваецца, бо яшчэ не чулі ў свой адрас нараканняў за прыгатаваную ежу.

Як высветлілася, прадукты для прыгатавання абедаў і падвячоркаў у “Жвіранцы” выкарыстоўваюцца амаль цалкам уласныя. У гаспадарцы вырошчваюць сваю бульбу, шматлікую гародніну і садавіну. Дарэчы, догляд за пасаджанымі культурамі вядуць самі работнікі сталовай. Акрамя вышэйпералічаных повараў тут яшчэ працуюць дзве жанчыны — Іна Карпава і Раіса Катовіч. Разам яны нават вядуць нарыхтоўку гародніны на зіму. Мноства шкляных слоікаў рознага памеру з агуркамі і памідорамі жанчыны ўжо змаглі закатаць для працаўнікоў сельгаспрадпрыемства на будучую зіму.

Нездарма кажуць у народзе, што калі работнік добра паесць, то і папрацуе ён шчыра і сумленна. У гэтым мы і самі ўпэўніліся, пабываўшы ў чарговы раз у “Жвіранцы”.

Сяргей РАЙЧОНАК.