Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Прайшлі выбары ў другі склад Маладёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна

19.06.2017

У вялікай зале райвыканкама 14 чэрвеня прайшлі выбары ў другі склад Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна. 25 юнакоў і дзяўчат — вучняў школ Шаркаўшчынскага раёна — сталі членамі гэтага прадстаўнічага органа пры раённым выканаўчым камітэце. У першым пасяджэнні Маладзёжнай палаты прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў.

— Дарагія юнакі і дзяўчаты, 11 сакавіка 2015 года пачаў сваю работу першы склад Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна, — сказаў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. — Асноўнымі яго задачамі былі: развіццё і здзяйсненне маладзёжных ініцыятыў, прадастаўленне права ва ўдзеле рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, рэалізацыя сацыяльна-значымых праектаў на раённым узроўні і іншыя. Маладзёжная палата стала ініцыятарам правядзення шматлікіх праектаў у нашым раёне. Члены палаты пастаянна арганізоўвалі сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, добраўпарадкоўвалі месцы воінскіх пахаванняў і абеліскі, пашыралі валанцёрскі рух, эфектыўна рэалізавалі экалагічны праект “Малыя рэкі — вялікія праблемы”. Сёння моладзь раёна — гэта асноўны ўдзельнік культурна-масавых і спартыўных свят. Гэтым яны праяўляюць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Затым Дзмітрый Міхайлавіч уручыў пасведчанні членаў Маладзёжнай палаты 25-ці юнакам і дзяўчатам.

З павесткай дня выступіла выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Анна Зайцава. Асноўнымі пытаннямі сталі выбранне страшыні і намесніка Маладзёжнай палаты, выбранне старшынь пастаянных камісій, зацвярджэнне плана работы Маладзёжнай палаты на 2017 год і іншыя.

На галасаванне па выбарах старшыні Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна было вынесена шэсць кандыдатур. Гэта вучаніца 9 класа Лужкаўскай СШ Крысціна Морхат, вучаніца 9 класа Радзюкоўскай БШ Яна Лук’янёнак, вучаніца 11 класа Германавіцкай СШ Карына Мядзелец, вучань 10 класа СШ № 1 Дзмітрый Гінько, вучаніца 10 класа СШ № 2 Ксенія Лук’янёнак і вучаніца 10 класа СШ № 1 Дар’я Машара.

У выніку большасць галасоў было аддадзена вучаніцы 11 класа Германавіцкай СШ Карыне Мядзелец. З выбраннем на пасаду старшыні Маладзёжнай палаты Карыну павіншаваў кіраўнік раёна.

Намеснікам старшыні выбрана вучаніца 10 класа СШ № 2 Ксенія Лук’янёнак. Пастаянную камісію па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, прафілактыцы правапарушэнняў і арганізацыі дасуга моладзі ўзначаліў вучань 10 класа СШ № 1 Дзмітрый Гінько. Старшынёй пастаяннай камісіі па сувязях з грамадскімі арганізацыямі, СМІ, развіццю валанцёрскага руху і пытаннях экалогіі аднагалосна выбрана вучаніца 9 класа Лужкаўскай СШ Крысціна Морхат. Вучаніца 10 класа СШ № 1 Дар’я Машара ўзначаліла пастаянную камісію па пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі і профарыентацыі школьнікаў.

— Я выказваю вялікую ўдзячнасць за аказаны мне вялікі давер, — сказала ў адрас прысутных старшыня Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна Карына Мядзелец. — Разам мы будзем імкнуцца арганізаваць цікавае, карыснае і насычанае жыццё нашай моладзі, бо наперадзе шмат маштабных і разнастайных ідэй, якія мы абавязкова ажыццявім на карысць краіны і раёна.

Закончылася першае пасяджэнне Маладзёжнай палаты Шаркаўшчынскага раёна другога саставу ўскладаннем кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сяргей РАЙЧОНАК.