Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Шаркаўшчынскі раён наведала дэлегацыя Смаленскай вобласці

14.01.2019

11 студзеня Шаркаўшчынскі раён наведалі прадстаўнікі рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці” Расійскай Федэрацыі на чале са старшынёй аб’яднання Сяргеем Расціслававічам Крыўко. Смаленскую дэлегацыю сустракалі ў Германавіцкай сярэдняй школе прадстаўнікі раённай улады — старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, намеснікі кіраўніка раёна Юрый Анатольевіч Васілеўскі і Ірэна Францаўна Бука, страшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Яўгеньеўна Якімовіч. Гасцям са Смаленска шмат карыснай і цікавай інфармацыі пра гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Ельня” паведамілі настаўнікі і вучні ўстановы адукацыі ў тэатралізаванай форме. Затым прысутныя наведалі экалагічны клас, тэхналагічнымі сродкамі навучання ў якім расіяне былі ўражаны, тым больш, што гэта сельская школа. Пра старонкі баявых подзвігаў ураджэнцаў Германавіч і навакольных вёсак, пра баявы шлях 1406 зенітна-артылерыйскага палка ў гады Вялікай Айчыннай вайны гасцям расказалі ў школьным музеі баявой славы. Тут жа пасля змястоўнай экскурсіі адбылося падпісанне двухбаковага пагаднення паміж Шаркаўшчынскім раёнам і Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй Смаленскай вобласці аб далейшым супрацоўніцтве. Свае подпісы пад дакументам паставілі Дзмітрый Міхайлавіч Ламака і Сяргей Расціслававіч Крыўко.

Далейшым пунктам наведвання стала Велікасельская дзіцячы сад-сярэдняя школа. Цяпер у школе дзейнічае выстава іканапісных работ мастачкі з Маладзечна Ядзвігі Сянько. Прэзентацыя аказалася вельмі цікавай і змястоўнай. Сяргей Расціслававіч Крыўко і іншыя госці падкрэслілі важнасць духоўнага накірунку ў рабоце ўстановы адукацыі, бо ў цяперашні час школа з’яўляецца асяродкам культуры сяла, яго маральнай і духоўнай асновай. У Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы прымяняюцца сучасныя метады, укараняюцца навейшыя тэхналогіі для выяўлення і своечасовага лячэння захворванняў пацыентаў. На новым абсталяванні працуюць маладыя спецыялісты, вопытныя і высокакваліфікаваныя медыцынскія работнікі. Дзякуючы гэтаму ў рэгіёне зніжаецца смяротнасць, растуць нараджальнасць і працягласць жыцця. Пра гэта і іншае расіяне даведаліся падчас наведвання ўстановы аховы здароўя ад галоўнага ўрача Станіслава Тадэвушавіча Стомы. Госці таксама азнаёміліся з работай медперсаналу, рачулі расказ пра паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, атрымалі адказы на некаторыя пытанні.

Галоўным прадпрыемствам, якое рэалізуе сваю прадукцыю на экспарт, у нашым раёне з’яўляецца ВГУП “Камплект-М”. Пра дзень сённяшні арганізацыі, перспектывы і планы развіцця смалянам расказаў дырэктар прадпрыемства Іван Люцыянавіч Барыла. Прадстаўнікі дэлегацыі змаглі азнаёміцца з рабочым працэсам, прайшлі па вытворчых памяшканнях, убачылі прадукцыю дрэваапрацоўкі, якую вырабляюць на прадпрыемстве.

Сяргей РАЙЧОНАК