Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Свята вуліц у аграгарадку Іёды

28.07.2016

Пагодным ліпеньскім выхадным днём на цэнтральнай пляцоўцы каля Дома культуры аграгарадка Іёды было шматлюдна. А другой гадзіне дня сюды з усіх куткоў пасёлка крочылі людзі: хто па-асобку, хто сем'ямі, іншыя з сябрамі. Нагодай паслужыла правядзенне свята вуліц Школьнай, Савецкай і Паўднёвай.

Арганізатары мерапрыемства, а гэта работнікі мясцовых устаноў культуры, прафсаюзны камітэт ААТ "Буеўшчына", педагогі Іёдскай ДС-СШ, самадзейныя артысты, паклапаціліся, каб свята прайшло не проста з музыкай і песнямі, а запомнілася надоўга аднавяскоўцам.

Яшчэ перад пачаткам азартна ішоў шашачны турнір, бо вядома, што ў Іёдах многа прыхільнікаў гэтай гульні. Пасля невялікага канцэртнага нумара да сваіх аднавяскоўцаў ад імя адміністрацыі сельгаспрадпрыемства звярнуўся намеснік старшыні гаспадаркі Аляксандр Іосіфавіч Гернат. Ён шчырымі словамі павіншаваў жыхароў Іёдаў са святам, пажадаў прыемна і з карысцю правесці свой вольны час у кампаніі з сябрамі, роднымі і знаёмымі. З прывітаннем да землякоў таксама выступіў і старэйшына аграгарадка Мікалай Афанасьевіч Падоба.

Са статыстыкі вядома, што на гэтых трох вуліцах цяпер пражываюць 160 чалавек рознага ўзросту. Самай старэйшай з'яўляецца Валянціна Аляксандраўна Цітовіч. Ёй Аляксандр Іосіфавіч ўручыў кветкі і невялікі падарунак.

На вялікі жаль, цяпер ў Іёдах не пражывае ніводнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Але аднавяскоўцы не забываюць слаўны подзвіг сваіх землякоў, якія ваявалі на франтах, змагаліся з ворагам на перадавой і ў тыле. Менавіта ім і прысвячалася песня ў выкананні Мікалая Фёдаравіча Сямёнава "28 панфілаўцаў".

У гэты дзень павіншавалі, па традыцыі, і сямейныя пары, якія шмат год разам крочаць па жыцці. Найбольшы адрэзак часу сумесна пражылі Валянціна Іванаўна і Генадзь Аркадзьевіч Манкевічы — 56 год, Надзея Уладзіміраўна і Васілій Арцёмавіч Пушкаровы — 51 год, Алена Аркадзьеўна і Вадзім Андрэевіч Мядзельцы — 45 год, Зінаіда Уладзіміраўна і Казімір Вікенцьевіч Кавалёнкі — 44 гады, Ніна Уладзіміраўна і Казімір Пятровіч Пяткевічы таксама разам жывуць 44 гады.

Не адзін дзясятак год жыцця аддаў працы на зямлі былы старшыня калгаса "1 Мая" Вадзім Андрэевіч Мядзелец. Цяпер землякі ганарацца працоўнымі дасягненнямі жывёлавода Антаніны Маркелавай. Жанчына не толькі перадавы работнік гаспадаркі, але яшчэ лаўрэат звання "Чалавек года Шаркаўшчыны-2015" і дэлегат ад нашага раёна на пятым Усебеларускім народным сходзе.

На Паўднёвай, Савецкай і Школьнай вуліцах пражываюць 43 хлопчыкі і дзяўчынкі. Самыя маленькія — Аня Фокава (адзін годзік і чатыры месяцы), Ігнат Шашуноў (восем месяцаў). А вось Каці Марозавай ідзе яшчэ толькі чацвёрты месяц з дня яе з'яўлення на свет. Маленькія жыхары таксама атрымалі невялікія падарункі.

Наогул, вядучыя не абмінулі сваёй увагай ніводнага чалавека, дзе б ён не працаваў, або які ў цяперашні момант знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Cяргей РАЙЧОНАК